6 ліпеня ў дзіцячым садзе адбылася музычна-спартыўная забава «Купалле». Гэтае мерапрыемства ладзілася з мэтай далучэння дзяцей да беларускай культуры, да нашых старадаўніх традыцый і самае галоўнае – падарыць дзеткам святочны настрой. Спачатку Лявоніха распачала гаворку пра гісторыю ўзнікнення «Купалля», паведала, адкуль пайшло гэтае свята, пазнаёміла дзяцей з традыцыямі святкавання. Падчас забавы выхаванцы пускалі вяночкі на ваду, ладзілі кастрышча, пераскоквалі праз яго. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, конкурсах і эстафетах, спявалі песні і вадзілі карагоды. Кульмінацыяй забавы стаў пошук цудадзейнай папараць-кветкі, але гэта было не так проста. Увесь час Ведзьма перашкаджала ў пошуках папараць-кветкі, старалася ашукаць дзяцей і збіць з правільнага шляху. Але ў яе нічога не атрымалася. Запаветную кветачку знайшлі выхаванцы 11 групы. Арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё, каб падараваць усім удзельнікам добры настрой, радасць, весялосць, бадзёрасць.